«КО́ЗА НО́СТРА»
(італьян. «Cosa nostra» літар. наша справа),
назва тайнай злачыннай арг-цыі ў ЗША. Узнікла сярод эмігрантаў-сіцылійцаў у пач. 20 ст. як разнавіднасць даўнейшай сіцылійскай мафіі. У час дзеяння «сухога закону» (1920—33) яна зарабіла на кантрабандзе, нелегальнай вытв-сці і распаўсюджанні алкаголю мільярды долараў, з канца 1940-х г. перайшла на вытв-сць і распаўсюджанне наркотыкаў. Здабытыя на злачынных аперацыях сродкі ўкладвае ў легальны бізнес, што дало ёй магчымасць кантраляваць асобныя галіны прам-сці, частку сродкаў масавай інфармацыі, прафсаюзаў, кантактаваць на ўзаемавыгаднай аснове з уплывовымі дзелавымі і паліт. коламі. Складаецца з 24 т.зв. сем’яў (ад 20 да 1000 членаў), што жывуць ў розных гарадах. Ёю кіруе шэф (бос), які мае юрыд. дарадчыка. Дзейнасць гэтых сем’яў і інш. груп, што не з’яўляюцца мафіёзнымі арг-цыямі, каардынуе Нац. злачынны сіндыкат.
т. 8, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)